Як "чытаць" узоры

 У народным мастацкім ткацтве вельмі шмат узораў падобных па характары і малюнку, таму іх часта блытаюць. Вось, напрыклад, узор "зорка". Яна пакладзена ў аснову вобраза маці, чалавека, сімвала ўраджаю. Тым не менш ёсць між імі пэўная розніца. Вобраз маці - гэта зорка, аблямаваная пышным вянком і гірляндай з кветак, прычым аблямоўка можа быць квадратнай ці васьмівугольнай. Вобраз чалавека - таксама зорка, але яе чатырохвугольная аблямоўка значна прасцейшая, ланцужковая. Сімвал ураджаю Спарыш - гэта ўжо не зорка, а разетка, скампанаваная з чатырох жытнёвых каласкоў, размешчаных пад прамым вуглом, адзін да аднаго. Можа быць і аблямоўка, але не абавязкова.

Часам побач з асноўным узорам змяшчаюць іншыя, дадатковыя. Напрыклад, майстрыха В.Секацэвіч на ўзоры "жаночая доля" змясціла сімвалы кахання - голуба і галубку, узор зямлі-карміцелькі і зорку - сімвал чалавека. А сэнс такі: ткачыха адлюстравала на посцілцы сваё шчасце, свой лёс, які яна звязвае з гэтымі сімваламі.

На тканых вырабах сустракаюцца ўзоры, у якіх зашыфраваны загадкі. У Беластоцкай вобласці ў 1939 г. давялося бачыць посцілку, на якой можна было "прачытаць" загадку:

Што гарыць без полымя?
Што расце без кораня?
Што бяжыць без повада?
Што бела, нябелена?
Што цвіце апоўначы?

Некаторыя з гэтых узораў былі добра вядомыя ў народным ткацтве. Так, агонь-Жыжаль меў выгляд разеткі. Вада таксама адлюстроўвалася характэрным узорам у выглядзе разеткі з маленькіх і вялікіх квадрацікаў. Узор папараці, якая цвіце ў поўнач, нагадваў разетку з яе галінак. Падобныя творы вызначаюцца і пазнавальнасцю, і займальнасцю.

Узоры, прыведзеныя ў гэтай кнізе, пераважна чорна-белыя, а на тканых і вышываных вырабах - рознакаляровыя, яркія і звонкія. Вядома, што па сваім эмацыянальным уздзеянні ўзоры ў кнізе прайграюць у параўнанні з арыгіналамі.

Большасць узораў народнай тэкстыльнай арнаментыкі беларусаў характэрна ў цэлым для славян. Калі б работа па вывучэнні арнаменту была наладжана ва ўсіх славянскіх народаў, можна было б зрабіць неабходныя параўнанні, выразней выявіць агульнасць славянскай гісторыі і культуры, іх месца ў еўрапейскім кантэксце. Гэта садзейнічала б збліжэнню славянскіх народаў, узмацніла б узаемадзеянні славянскіх культур.

Многія майстрыхі ўпэўнены, што тканыя вырабы і ўзоры на іх вылечваюць людзей. Магчыма, і так, бо і песні, і ўзоры нараджаюцца ад зеляніны лугу, квецені саду, ляснога шуму, абуджаюць надзею, любоў і шчасце.

Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. М.С. Кацар